Савецкі бранеаўтамабіль Ба-64Б (1943)

Самы маленькі савецкі браневічок быў створаны на базе джыпа ГАЗ-64 у 1942 годзе. Калі ўважліва прыглядзецца, то можна пабачыць, што савецкія перадавыя інжынеры літаральна скапіравалі немецкую браню і павесілі на сваё шассі. Аднак трэба зазначыць, што Ба-64 аказаўся лепшым у сваім класе. Толькі з-за сваёй вузкай каляі ён часценька перакульваўся, што было не вельмі зручна для экіпажу. Пазней, калі наладзіўся выпуск мадэрнізаванага шырокакалейнага ГАЗ-67Б, з'явілася новая версія - Ба-64Б. Браневічок страляў і звычайным кулямётам, і пушкамі, і зеніткамі. Ён ездзіў на лыжах і гусеніцах, з дэсантам унутры і г.д. Выпуск працягваўся да 1946 года, пасля чаго ў СССР перастаў існаваць такі клас бранеаўтамабіляў...

Колькі б ні казалі дрэннага пра інтэрнэт, я ўсё роўна ўпэўнены, што гэта класна штука. Колькі карысных сайтаў сустракаецца на прасторах сеціва. Гэтак празаічна я падыйшоў да таго, без чаго пуставалі б мае полкі, а я недалічваўся б цікавых мадэляў. Вялікі дзякуй сайту allfrompaper.narod.ru і стваральніку мадэляў Андрэю Раманчуку ! Спадар, вы робіце суперскія разгорткі !

Дык вось, разгорткамі браневічка я і скарыстаўся. Яшчэ раз заўважу, што яны вартыя падзякі. Для 43-га маштабу гэта аптымальная дэталіроўка. Мадэль склейвалася лёгка, без аніякіх праблемаў. Розныя лючкі, петлі на дзьвярах, поручні і г.д. ужо былі прадугледжаны распрацоўшчыкам, таму і дадаць не было чаго. Аднак я крыху адышоў ад тэхналогіі. Па-першае, я спецыяльна падрыхтаваў пластмассавыя колы (як і на ГАЗ-64). Па-другое, я крыху апгрэйдзіў мадэльку. Гэта новыя масты з рысорамі і картэрамі, а перад пярэднім мастом ёсць рулявая цяга, што дадае большага падабенства да арыгіналу. Аб'ёмны кулямёт я зрабіў з абточаных запалак і папяровых стужак. І што самае цікавае - я паказаў элементы замацавання запаснога кола. У мадэлі там вісіць запаска, таму, з-за адсутнасцю пятага кола, прыйшлося зрабіць усё, што бачыў на чарцяжах і фотках. Шкада, што на разгортках няма глушака, хоць ён робіцца вельмі проста.

Ну і самы галоўны апгрэйд - гэта афарбоўка. Звычайна папяровыя мадэлі проста склейваюць, аднак мне паказалася гэтага мала. Скарыстаўшыся досведам працы з пластмасавымі мадэлямі, я зрабіў тое, што зрабіў. Акрылам і простым алоўкам.

Сайт создан в системе uCoz