Ветразевыя павозкі Сымона Стэвіна
Галандзец Сымон Стэвін (1548 - 1620) залатымі літарамі ўпісаў сваё імя ў матэматыку. Менавіта ён увёў у выкарыстанне дзесяцічныя дробі, а таксама нулявы і дробны паказальнік у алгебраічным знакапалажэнні. Больш за тое, Стэвін прапанаваў стварыць дзесяцічныя долі манет, вагі і іншых мераў. Галоўнай мэтай Стэвіна ў вобласці арыфметыкі было вырашэнне ўраўненняў вышэйшых ступеняў. Самыя важныя адкрыцці належылі механіцы (дакладней, статыцы і гідрастатыцы), па сваёй значнасці ледзь не першыя з часоў Архімеда. Стэвін адкрыў закон прапарцыянальнасці ціска, які быў памылкова прыпісаны Паскалю. Не менш важныя пытанні ў вобласці аэрастатыкі былі закрануты ў ягоных працах. Прынц Морыц Нассаўскі назначыў Стэвіна кіраўніком гідратэхнічнымі збудаваннямі, генерал-кватэрмейстэрам арміі, будаўніком лагераў і інспектарам крэпасцей у Батаўскай рэспубліцы.
У сваёй задумцы стварыць яхту на колах Стэвін быў зусім не першым. Да яго ўжо існавалі наземныя ветразнікі, але яны не прыжыліся. У 1603 годзе была выдзена карта Кітая, знойдзенная Абрахамам Артэліям. Карта датаваная 1584 годам. На ёй на ўсе чатыры бакі свету ад кітайскай сцяны былі выяўлены сухапутныя ветразнікі, падобныя на ветразнік Сымона Стэвіна. Некаторыя вучоныя лічаць, што еўрапейцы асімілявалі кітайскую ідэю наземных ветразнікаў. Але, напрыклад, у Германіі яны былі вядомыя з 1543 года...
Першая ветразевая павозка Стэвіна была пабудавана, хутчэй за ўсё, у 1600 годзе. Яе паказаў на сваёй карціне мастак Jacques de Gheyn II (1603). Існуюць каляровыя версіі гэтай карціны. Акрамя вышэй згаданых выяў, больш нідзе не сустракаецца інфармацыя пра гэтую малую павозку.
Другая, значна большая павозка, была створана ў 1602 годзе для Прынца Морыца Нассаўскага. Вясной гэтага ж году прынц разам са спецыяльна запрошанымі гасцямі выпрабаваў яе. Варта зазначыць, што сярод першых пасажыраў колавай яхты былі адмірал Франчэска Мендоза (Admiral de Mendoza), брат дацкага караля, нямецкія арыстакраты і французскія афіцэры, усяго 28 чалавек. Гадзіны за дзве экіпаж пераадолеў адлегласць з Шэвінінгену (Scheveningen) да Петтэну (Petten) па марскім узбрэжжы (па падліках каля 68 км).
Прынц замовіў мастаку Jacques de Gheyn II падрабязную выяву ветразніка. І, дзякуючы менавіта яму, мы маем магчымасць разглядаць самыя дробныя дэталі гэтага экіпажа. На першым плане мастак паказаў вялікую яхту, а справа, на пэўнай адлегласці, - маленькую першую павозку. Асаблівую ўвагу прыцягваюць розныя подпісы і дыяграмы (паказаны нават механізм павароту і адлегласць паміж восямі) пад асноўным малюнкам.
Пазначаны распрацоўшчык і будаўнікі павозкі. Сябра і пратэжэ Стэвіна Хьюга дэ Грут (Hugo de Groot) склаў тэкст і каментарыі да гравюры.
Пасля першай вандроўкі ветразнік, які сталі называць "гаагскім цудам", прыпаркавалі за Шэвінінгенскай царквой Кайзерстраат. Ім карысталіся толькі падчас візітаў нейкіх саноўнікаў, якія жадалі пакатацца з вецярком. Аднак вышэй згаданы адмірал Мендоза ў сваёй гістарычнай хроніцы пісаў пра актыўнае выкарыстоўванне ветразнікаў у войску Вільгельма ІІІ Аранскага. Але што б там ні было, на пачатку XIX стагоддзя, калі стан ветразніка значна пагоршыўся, яго прадалі...
Ідэя ветразевай павозкі працягвала жыць у іншых вынаходнікаў. У XVII стагоддзі Томас Уайльдгус зрабіў павозку з ветраным колам, да якой прымацаваў ручны прывад, каб у бязветраны дзень пасажыры маглі дакруціць колы машыны да месца прызначэння. Магчыма, ён проста ўдасканаліў ветразнік Стэвіна. Акрамя таго, існуюць звесткі аб невядомым трохвосевым ветразніку, у якім сярэдняя вось рухалася пасажырамі пры адсутнасці ветра. Таксама вядома, што ў 1691 годзе епіскап Чэстэра Іахан Уілкінс (Johannis Wilkins) у сваёй працы "Mathematica Magick" апісаў павозку з ветразем. Пра ветразнікі на колах казалі і шматлікія летапісы, і малюнкі. Нават пад адным з мастоў над Тэмзай у Лондане я знайшоў выяву карабля на колах.
У адрозненні ад большасці выяў, гравюра Jacques de Gheyn II мае выключна важнае значэнне, бо з'яўляецца самай падрабязнай выявай ветразніка. Шмат якія мастакі паказвалі яго ў сваіх карцінах, але ў большасці выпадкаў ветразнік паказаны даволі проста, без падрабязнасцей. Існуе й вялікая колькасць выяў з подпісам "ветразнік Стэвіна", аднак яны нічога агульнага з ім не маюць. Хутчэй за ўсё, гэта адлюстраванне ідэяў іншых вынаходнікаў.
Мадэль першай павозкі Стэвіна была зроблена мной з паперы і картону (за выключэннем колаў). Маштаб набліжаны да 1:60, але сказаць пра дакладныя памеры сапраўднага ветразніка немагчыма. Асноўнай крыніцай інфармацыі стала вышэй згаданая карціна 'The Sailing Chariot', а таксама каляровыя версіі невядомых аўтараў.
Ігар Адасік
Выявы :
1 . Jacques de Gheyn II. The Sailing Chariot (1603) . Rijksmuseum (Галандыя). Сайт музея [ www.rijksmuseum.nl ]
Літаратура :
1 . В. В. Бобынин. Стевин. [aртыкул размешчаны на сайце www.booksite.ru] |