1420-1449 гг. - мускульны экіпаж Джавані ды Фантаны Італьянец Джавані ды Фантана (1395-1455, Giovanni Fontana), рэктар факультэта мастацтваў Падуанскага універсітэта, стварыў (а можа толькі апісаў) чатырохколавую мускульную каляску, якую рухаў сам седок праз зубчатую перадачу з дапамогай каната. Розныя крыніцы па рознаму датуюць вынаходніцтва: і 1410 годам, і 1418-19 гадамі. Аднак найбольш верагодна, што Фантана апісаў павозку ў адной са сваіх прац паміж 1420 і 1449 гадамі. А вось што можна было знайсці ў адным з часопісаў "Моделист-Конструктор" за 1982 год: " У пачатку XV стагоддзя аўсбургскі плотнік Вальтэр Голтан выехаў на вузкія вулачкі свайго горада на чатырохколавым мускульным экіпажы. Перацягваючы бясконцы канат, ён прыводзіў у рух два барабаны. Ніжні, з прадольнымі рэйкамі, прымушаў вярцецца зубчатае кола, якое было цвёрда насаджана на заднюю вось. Хуткасць павозкі была не больш за хуткасць чалавека. Калі патрабавалася змяніць напрамак руху, яздок вылазіў з павозкі і, прыпадымаючы перадок, накіроўваў апарат у патрэбны бок. Гэты экіпаж меў толькі адно месца. " І што самае цікавае - пра Фантану ні слова, затое прысутнічала вось гэтая каляровая выява павозкі, якая, дарэчы, прыпісваецца Фантане ... Што б там ні было, я вырашыў папоўніць сваю калекцыю гэтым сярэднявечным аўтамабілям. Падчас працы карыстаўся вышэйузгаданымі выявамі. Маштаб прыблізна 1:43. Матэрыял - картон. На гэтай фатакартачцы можна ўбачыць не толькі мускулаход Фантаны (паміж 1420 і 1449 гг.), але і больш позні мускульны экіпаж немца Фарфлера (1655). Прагрэс відавочны. Але пройдзе якіх-небудзь 300 год, і чалавек здолее рухацца не толькі па Зямлі, але і па Месяцу. Што і сімвалізуе амерыканскі лунаход (1971).
Мускулаход Джавані ды Фантаны і Ferrari F50. Гэтыя два італьянскіх баліда раздзяляюць менш чым шэсць стагоддзяў.
Літаратура :
1. Е. Кочнев. Автомобили без... мотора //Моделист-Конструктор, 9'82 |